ТУ́ТАВЫ ШАЎКАПРА́Д (Bombyx mori),

матыль сям. сапраўдных шаўкапрадаў. Адамашнены ў Кітаі каля 3 тыс. гадоў да н.э. Разводзяць пераважна ў краінах Індакітая і паўд. Еўропы. Выкарыстоўваецца для атрымання шаўкоўнічных коканаў — сыравіны для вырабу натуральнага шоўку (гл. Шаўкаводства). Штучным адборам створаны пароды Т.ш., якія адрозніваюцца памерамі, формай, колерам і структурай абалонкі коканаў, колькасцю пакаленняў за год і інш. У прамысл. шаўкаводстве выкарыстоўваюць гібрыды парод, якія больш жыццяздольныя, даюць высокія ўраджаі коканаў з лепшымі тэхнал. якасцямі.

Крылы ў размаху 4—6 см, белаватыя. Цела масіўнае. Ротавы апарат недаразвіты, дарослыя матылі не кормяцца. Спароўваюцца адразу пасля выхаду з коканаў. Самка адкладвае 500—700 яец (грэн) і гіне. Інкубацыя 10—12 сутак. Вусені за 25—28 сут праходзяць 5 узростаў, кормяцца лісцем шаўкоўніцы і інш. Шоўкавыдзяляльная залоза складае да 26% ад масы вусеня і выдзяляе шаўкавіну — тонкую парную ніць. Кокан складаецца з бесперапыннай шаўкавіннай ніці даўж. 1000—1500 м.

Тутавы шаўкапрад: 1 — дарослы матыль (самка); 2 — вусень; 3 — кокан; 4 — кукалка ў кокане.

т. 16, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)